Перамогу трэба заслужыць
Праз год пасля выбараў мы хочам даведацца, наколькі моцна змяніліся беларусы, успомніць, як усё пачыналася і што было ў прыярытэце на той момант, і як зараз, пра перажыванні, страхі, і вядома, пра тое, калі ж падзе рэжым на думку нашых герояў. Сёння на гэтыя пытанні адказаў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.
Год таму, незадоўга да выбараў, я акурат рыхтаваўся да таго, як буду выцягваць сябе і людзей, з якімі працую, сябрую, якіх кахаю, люблю і паважаю з паслявыбарнага сіндрому, які я сам асабіста перажыў тройчы (2001, 2006, 2010, у 2015-м яго не было, бо ўсё прайшло максімальна незаўважна). Гэта значыць, калі перад выбарамі ты трошкі абнадзейваешся, што змены магчымыя, накручваеш сябе ды ўсіх наўкол на гэта, пачынаеш пра гэта думаць, разважаць, укідваць у гэта энергію і веру, а потым кампанія праходзіць, усе атрымліваюць люлей і чарговы шнар на сэрцы ды працягваюць жыць, як правіла, далей гэтак жа, як і раней. Альбо бягуць падалей ад гэтай шэрай рэчаіснасці, дзе і тут ты чужы, і там ты чужы. Альбо пагружаюцца ў дэпрэсію. Альбо намагаюцца не заўважаць. Альбо працягваюць дзяўбсці сваю персанальную сцяну ў спадзеве, што мур хутка рухне-рухне-рухне.
Мой асабісты выбар і паратунак — у паслядоўным дзяўбанні гэтага ўмоўнага мура, які стаіць паміж беларусамі ды цывілізаванай Еўропай. Мур гэты сфармаваўся пад уплывам дыктатуры (мы нарэшце зразумелі, што гэта яна!) і расійскага інфаполя, якое засмактала ў сябе нават таленавітых творцаў, якія маглі бы працаваць на карысць Беларусі, але па факце не мелі такога выбару, бо ў ім у сям’і, садку і школе з універсітэтам не распавялі што такое быць Беларусам і што гэта значыць.
Дык вось, рыхтаваў я з камандаю да запуску два свае відэапраекты – новы сезон праграмы Belsat Music Live і вельмі асабісты блог “Тэлебудка”. Былі спланаваныя 6 выданняў першага праекту і адно мы нават паспелі зняць за некалькі дзён да выбараў, яно атрымалася вельмі прыгожым і тры другога — мы мусілі паехаць з Бенькай у яе родны Віцебск і пагутарыць з Адамам Глобусам на стадыёне.
…Я зразумеў — не, не зразумеў — адчуў, што мае планы давядзецца змяніць, за дзень да выбараў. Тады яшчэ ў горадзе было спакойна, але мяне накрыла панічная атака. Яны ў мяне здараюцца, але гэтая была асаблівая — чуліся крыкі, стогны і штосці вельмі нехарошае было ў паветры. Прадчуванне бяды.
Хутка стала зразумела, што проста заглушыць пратэст, як тое было раней, у рэжыма не атрымаецца. Гэтыя дні пасля жахлівай ночы 9 жніўня забралі нас усіх цалкам. Беларусь стала іншай краінай. Пра такую еднасць, якая была тады на вуліцах, нерэальна было нават памарыць. Беларусы прыйшлі ў кропку, дзе для іх пачалася зусім іншая гісторыя.
Зразумела, што працоўныя планы цалкам давялося змяняць. Бо ўсё змянялася вельмі хутка і хацелася адлюстраваць гэтае дзіўнае імгненне, якое магчыма не паўторыцца ніколі. Напрыклад, праз першых герояў “Тэлебудкі”. Праз лідара гурта “Дай дарогу!” Юру Стыльскага, які ўзначаліў шэсце ў Брэсце. Праз Купалаўцаў, якія сышлі і якія засталіся.
Гэта былі дні спасціжэння. Сваёй зямлі, сваёй прасторы, сваіх людзей, якіх апынулася настолькі шмат, што ажно дух захоплівала. Мы са здзіўленнем пераходзілі з акцыі ў падтрымку актораў ля Купалаўскага да канцэрту салідарнасці на прыступках філармоніі, а пасля ішлі да БТ, дзе страйкавалі тэлевізійнікі, а затым зноў вярталіся да філармоніі, дзе сабраўся даць рэдкі канцэрт унікальны хор “Унія”.
На Пушкінскай сутыкнуліся лоб у лоб з Максам Каржом — ён прыехаў сюды толькі што з-пад сценаў Акрэсціна, каб далучыцца да людзей, якіх абурыла забойства Тарайкоўскага. На плошчы Незалежнасці з Сяргеем Харэўскім абмяркоўваем учынак Някляева, які імкнуўся абняць жаўнера са шчытом. Ля ГУМа сустракаем Максіма Жбанкова і раім не ісці да музея, каб не трапіць у ачапленне. Ля “Галерэі” намагаемся падлічыць колькасць людзей з Алесем Бяляцкім. Цяпер гэта ўяўляецца нібы адным днём, пасля якога, безумоўна, павінен быў прыйсці дзень Свабоды і Справядлівасці. Наіўнасці дзень…
Ані за адзін дзень, ані за тыдзень, ані за месяц ссунуць гэты камень зла, гвалту і бяспраўя аказалася немагчымым. Лік пайшоў на месяцы.
Калі я прымаў складанае рашэнне ці ўзяцца за кіраванне Беларускім фондам культурнай салідарнасці, то быў пэўны, што мы даціснем гэтую сітуацыю да канца 2020. Таму не вялося пра пераезд сям’і, гаворка была пра камандзіроўку, якая працягваецца дагэтуль.
Магчыма, гэтая камандзіроўка і ўратавала асабіста мяне. Уратавала, бо не ляжаў бескарысным целам (дэпрэсія была блізкай), ці яшчэ што горш — не сядзеў у зняволенні. Кожны дзень быў істотным і важным, бо ён быў дадзены на тое, каб зрабіць максімум дзеля дапамогі і падтрымкі тым беларусам, якія як і я, калі б не выправіўся ў камандзіроўку, былі часова недаступнымі абанентамі — раздзяўбанымі псіхалагічна, засталіся без сродкаў на існаванне, страцілі надзею, адчувалі сябе незапатрабаванымі. Сэнс быў у тым, каб наладзіць сістэму такім чынам, каб тыя беларусы, якія маюць сілы, натхнялі тых беларусаў, якім у дадзены момант складана. Адсюль з’явіліся нашы актыўнасці — трансляцыі канцэртаў і спектакляў, праект з Маляванычам, дабрачынныя аўкцыёны і яшчэ шмат усяго цікавага, патрэбнага і пазітыўнага.
Мяркую, гэтыя 10 месяцаў шчыльнай працы 24/7 паўплывалі на кожнага з нашай каманды. У пазітыўным плане — канечне, праз вялікую колькасць няпростых задачаў і патрэбу іх вырашаць хутчэй і як мага эфектыўней, мы неймаверна пракачалі свае дзелавыя і прафесійныя якасці. З другога боку — як гэта адаб’ецца на псіхіцы мы дазнаемся пасля. Траўма нанесеная сур’ёзная, але мусім яе перажыць. Мяркую, што па выніку выйдзем на баланс: трохі ссівеўшы, пасталеўшы і адняўшы такой працай у саміх сябе крыху здароўя і колькі год жыцця, мы пры гэтым набралі пару плюсоў у карму, так што ў мірны час будзем жыць роўна, хаця можа і не так доўга, як хацелася б.
А яшчэ гэтая праца паспрыяла пашырэнню кола кантактаў. Раней яно было даволі вузкае, наколькі магло ім быць з улікам такой працы разам з маёй інтравертнасцю. Рады адкрыць для сябе, што колькасць выдатных, пазітыўных, светлых, смелых людзей, якія гатовыя ўключыцца ў працу, у падтрымку, у дапамогу ў незалежнасці ад уласных абставінаў, куды большая, чым я думаў.
Будучыня мне бачыцца заўжды выключна ў пазітыўным святле, хоць па маім выглядзе і не скажаш. Мы разумнейшыя, за намі праўда, дык чаго гэта нам апускаць рукі і скарацца нейкім недарэкам, якія нават свой сцяг не шануюць і дагары нагамі носяць з прымусу?
Але пры ўсіх сваіх пазітыўных якасцях мы збольшага скрайне наіўныя. Таму і думалі, што ўсё будзе лёгка і проста і ў адзін дзень. Перамогу трэба заслужыць. Да 2020-га праз абыякавасць і боязь, не ўсе нават ведалі што такое перамога, навошта перамагаць і каго. У жніўні 2020-га адбылося важнае — прыйшло ўсеагульнае разуменне гэтага. Цяпер мы на стадыі заслугоўвання Перамогі. І як хутка мы яе здабудзем — залежыць ад кожнага. Не трэба кідацца на амбразуру.
Важна проста кожны дзень заслугоўваць Свабоду для сябе самога. Разбіваць той мур, пра які пісаў у пачатку. Выхоўваць сваіх дзяцей беларусамі. Жыць не толькі для сябе. Верыць у свае сілы. І тады яна абавязкова прыйдзе.