Адпусціце мяне, Курапаты
Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — чорная дата ў гісторыі Беларусі.
За адну ноч у сутарэннях менскай унутранай турмы НКУС (сумна вядомай «амерыканкі») былі расстраляныя больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Жудасны карны спіс быў датаваны 15 верасня 1937 года і падпісаны ўласнаручна Сталіным. Карнікі спяшаліся выканаць план напярэдадні 20-й гадавіны «Вялікага Кастрычніка». Чырвонага Кастрычніка. Чырвонага ад крыві…
У ліку ахвяраў той ночы — болей за 20 беларускіх літаратараў, таму масавае забойства атрымала назву “Ноч растраляных паэтаў”. Без віны загінулі Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Хацкель Дунец, Васіль Каваль, Язэп Каранеўскі, Тодар Кляшторны, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Сяргей Мурзо, Янка Нёманскі, Зяма Півавараў, Васіль Сташэўскі, Юдаль Таўбін, Ізі Харык, Міхась Чарот, Арон Юдэльсон і іншыя.
Ноч з 29 на 30 кастрычніка — наглядны доказ таго, што глыбіня гвалту невымерная. І такіх начэй у 1930-я гады была безліч. Пачалося з імкнення чэкістаў знішчыць інтэлігенцыю. Бо прасцей кіраваць народам, які не мае маральных аўтарытэтаў. Але з цягам часу ў гэтую крывавую плынь трапілі абсалютна ўсе слаі насельніцтва. Расстрэльвалі проста ўсіх запар — вучоных, прадаўцоў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячоў, выкладчыкаў, рабочых, сялян. Толькі адзінкі ішлі не пад расстрэл, а на 10 гадоў у ГУЛАГ.
Агулам толькі за тры восеньскія месяцы 1937-га органы НКУС рэпрэсавалі больш за 600 грамадскіх, навуковых і культурных дзеячоў Беларусі. Усе фармулёўкі ў “справах” былі аднатыпнымі: асуджаны за ўдзел у «контррэвалюцыйнай арганізацыі» ці «як член арганізацыі і арганізатар тэрарыстычнай групоўкі». Галоўнае — згадаць ў прысудзе «арганізацыю»… Апраўдальных прысудаў практычна не было.
Ахвярамі тэрору зрабіліся лепшыя аўтары нашай літаратуры. Кузьма Чорны узгадваў: “У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі”.
Гісторык Леанід Маракоў напісаў пра гэта цэлую кнігу «Ахвяры і карнікі». Яна складаецца з кароткіх, на два радкі, біяграфій людзей, расстраляных у Менску са жніўня 1937-га па лістапад 1938-га. 400 старонак па 20 біяграфій на кожнай. 8 тысяч ахвяраў расстрэлаў за гэты перыяд, які Маракоў назваў «крывавым тунэлем смерці».
У тыя часы нават родным расстраляных не казалі праўду. Выдавалі паперкі з несапраўднымі датамі смерці. Звычайна пісалі 1940-я, якія псіхалагічна асацыяваліся з гадамі вайны. Сваякі думалі, што чалавек памёр у турме, лагеры… Ніхто ўявіць сабе не мог менскага крывавага канвеера.
У 2017 годзе прадзюсар Сяргей Будкін зладзіў музычны праект, прысвечаны без віны загінуўшым паэтам. Іх вершы ператварыліся ў песні. Удзел у праекце “(Не)расстраляныя” бралі Лявон Вольскі, Святлана Бень, Павел Аракелян, гурты TonqiXod, Akute, Naka і іншыя.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка людзі штогод ушаноўваюць памяць загінуўшых імпрэзай пад назвай «Ноч расстраляных паэтаў» ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Лічыцца, што менавіта там пахаваныя рэшткі беларускай эліты.
Разам з тым на дзяржаўным узроўні злачынствы перыяду сталінізму так і не былі асуджаныя, а даследаванне гэтай тэмы ў краіне было спынена яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Архівы КДБ Беларусі зачыненыя дагэтуль.