Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі
Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць, каб абараняць і падтрымліваць моўную разнастайнасць. Згодна з ацэнкай ЮНЕСКА, беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Ва ўсiм свеце 21 лютага адзначаюць міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў заснаваны па рашэнні ЮНЕСКА ў 2000 годзе, дата свята была абраная ў памяць аб пакістанскіх студэнтах, якія загінулі 21 лютага 1952 года на дэманстрацыі ў абарону бенгальскай мовы. У выніку глабалізацыі праблема захавання моў абвастрылася. Зараз у свеце налічваецца да шасці тысяч моў, але палова з іх находзіцца ў цяжкім становішчы і ў бліжэйшы час можа знікнуць. Сэнс гэтага свята – усведамленне культурных і моўных традыцый свайго народу.
Гэта асаблівае свята для кожнага народа, бо ўсялякая мова з’яўляецца ўнікальнай і адлюстроўвае традыцыі і менталітэт народа. Менавіта праз мову вызначаецца не толькі нацыянальная самасвядомасць і мысленне, але таксама духоўная сувязь пакаленняў.
Пакуль ва ўсім свеце ўлады з асаблівым трапятаннем ставяцца да сваёй мовы, у Беларусі ва ўсіх дзяржаўных органах і ўстановах родная мова амаль цалкам адсутнічае. А на прапагандысцкім тэлебачанні і радыёвяшчанні мізэрная частка праграм вядзецца на беларускай. У краіне таксама не існуе ўстановы вышэйшай адукацыі з беларускай мовай навучання, а доля класаў у ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вельмі малая. Дарэчы любая ініцыятыва, мэта якой — папулярызаваць мову ніколі не была падтрыманая на дзяржаўным узроўні.
Нягледзячы на дзеянні ўладаў, у апошнія гады папулярнасць беларускай мовы павялічваецца. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва ў 2019 годзе, колькасць рэспандэнтаў якія ўказалі беларускую мову ў якасці роднай — 5 мільёнаў жыхароў рэспублікі, дома ж на ім размаўляюць амаль 2,5 мільёна. Але гэта ні ў якім выпадку не заслуга ўладаў, найбольшы ўклад у папулярызацыю роднай мовы ўнеслі грамадзянскія ініцыятывы. Аднак летам 2021 года ў Беларусі пачаліся ліквідацыі дзясяткаў грамадскіх арганізацый, якія займаліся дзейнасцю ў галіне адраджэння беларускай мовы. Сярод якіх: згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“, Беларускі ПЭН-цэнтар, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, курсы Мова нанова, крама symbal.by, культурная пляцоўка Арт Сядзіба і іншыя.
Любая ініцыятыва, мэта якой — папулярызаваць мову, ніколі не была падтрыманая ўладамі. Само выкарыстанне беларускай мовы таксама не заахвочваецца дзяржавай. Пад рэпрэсіі ў сучаснай Беларусі трапляе ўсё, што звязана з нацыянальным. Аднак у краіне вялікая колькасць людзей, якія нягледзячы на рэпрэсіі працягваюць папулярызаваць мову.
Акрамя пісьменнікаў, паэтаў і іншых дзеячаў, якія пішуць свае творы на матчынай мове, з’яўляецца мноства праектаў на беларускай мове ў інтэрнэце — гэта беларускамоўная агучка фільмаў і серыялаў, кантэнт на Youtube і Tiktok, ці іншых папулярных платформах і сацсетках. Якасць кантэнту павялічваецца, а беларускамоўныя блогеры заваёўваюць шырокую папулярнасць.
Апошнім часам, усё больш людзей пераходзіць на беларускую мову. Некаторыя з іх пачынаюць весці сацсеткі на мове, а іншыя перастаюць саромецца і пачынаюць гаварыць на ёй у паўсядзённым жыцці. Сярод беларускамоўных з’яўляецца ўсё больш медыйных асоб. А па дадзеных мінулага года, продаж кніг на беларускай мове вырас у некалькі разоў. Гэта звязана ў тым ліку з агульнапалітычнымі падзеямі ў краіне. Наогул родная мова ўсё часцей становіцца для чалавека спосабам культурнай і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі — незалежна ад таго, як часта ён на ёй гаворыць.
“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі” – з такім заклікам любіць родную мову звяртаўся да землякоў паэт Францішак Багушэвіч.
У сваю чаргу, кожны з нас можа ўнесці ўклад у папулярызацыю беларускай мовы, бо нават адзін пост у сацсетцы на роднай мове, можа стаць матывацыяй для кагосьці выкарыстоўваць мову штодня.
Вокладка — white_red_white_forever