Маю маці збілі і прывязалі да ложку
Галіна Абакунчык напісала пост, а хутчэй гэта крык дачкі, якая страціла маму з-за бесчалавечнага стаўлення да яе лекараў (зыходзячы з яе гісторыі). Публікуем яе гісторыю, бо вельмі важна рабіць усё магчымае, каб у нашай краіне не было карнай медыцыны. З медыкамі згаданай бальніцы не звязваліся, магчыма, яны прачытаюць гэты пост і пажадаюць выказаць сваё меркаванне аб дадзенай сітуацыі.
Сёння год, як ня стала мамы. Як Вітольда Ашурка закатавалі ў турме, так маму ў шпіталі.
Следчы камітэт ужо год (!) вядзе праверку: і выніку няма, і скончыць ня могуць – занадта шмат фактаў крымінальнага злачынства.
Зараз шмат паведамлюць, як дзесяткі людзей паміраюць у шпіталях ад каронавірусу. Дык пасля ўсяго дадам, што паміраюць ня толькі таму, што арганізм чалавека не вытрымлівае, што чагосці ў шпіталях не хапае і дрэнна лечаць, а яшчэ і таму, што ЗНАРОК ДАВОДЗЯЦЬ ДА СМЕРЦІ.
Менавіта так — ў кастрычніцкія “Дзень маці” і “пажылога чалавека” — упёра даводзілі да смерці і маю пажылую маму ў ГКБ №10 у Менску.
У выніку праверкі СК – хоць і такой, але ўсё ж даведалася як працуе гэтая схема па адпраўцы людзей на той свет пад выглядам каронавірусу. Дык маме выставілі дыягназ “інфаркт”, а лячэнне назначылі ад каронавірусу(!), якога і ў паміне не было.
Ну, а паколькі не было, то мусіла яго атрымаць. А гэта — пры дапамозе загаду Міністэрства аховы здароўя «Об отдельных вопросах оказания медицинской помощи пациентам с инфекций COVID-19». Паводле гэтага загаду – УВАГА — хворыя на каронавірус могуць мець яшчэ і “растройства псіхікі” і яны павінны быць “нямедленна” адпраўлныя ў аддзяленні рэанімацыі.
Маму “нямедленна” адправілі ў рэанімацыю №2 ГКБ №10, дзе людзей распранаюць дагала і адчыняюць насцеж вокны. Гэта — ў кастрычніку, і так ляжаць – больш за 20 нерухомых, распранутых, цяжкахворых ці старых. У мамы ўжо на трэці дзень была тэмпратура, дык яе даткова некалькі дзён абкладалі лёдам і мокрымі прасцінамі (!) – замест антыбіётыкаў і цяпла. А калі прасіла “у лекараў” дапамогі – абвесцілі “неўмянямай”, збілі, абкалолі псіхатропамі, каб маўчала, і прывязалі. Ну, бо ў міністэрскім загадзе даслоўна гаворыцца, што “хворыя на каронавірус” могуць дадаткова мець і “растройства псіхікі” — ў выканаўцаў рукі развязаныя.
Усе гэтыя вылюдкі настолькі ўбурэлі ў сваім зверстве і безпакаранасці, што нават не хаваюць: так, “прымянялі седзіаціўныя прэпараты” і “мягкую фіксацыю” – гэта значыць расцяжку за рукі і ногі. Закон “Аб псіхіятрычнай дапамозе” не дазваляе гэтага нават у псіхіятрычных шпіталях без ведама і згоды хворага ці сваякоў, пра звычайныя шпіталі – і гаворкі нават няма.
Маме не прыносілі есці, а калі яна нагадала — прынеслі сухую бульбу са словамі: «Дзе гэтая галодная?». Мама казала, што за ўвесь час толькі і зьела дзве лыжкі такой бульбы: гэтаксама баялася клікаць і прасіць дапамагчы пад’есці, баялася прасіць падаць ёй судна, баялася ізноў клікаць, калі было дрэнна.
Мама распавядала яшчэ вельмі шмат страшных рэчаў — усё гэта я паспела запісаць на відэа. У тым ліку, што ўначы лекары хадзілі без якіх-небудзь ахоўных сродкаў – бахіл-халатаў-масак, у аддзяленне прыходзілі нейкія староннія людзі гэтаксама без масак і халатаў. А хворым, якія што-небудзь прасілі, альбо скардзіліся – гэтаксама пагражалі «дуркаю».
Асабіста пры мне, вечарам 06.10.2020.г., калі я адведвала маму, ў аддзяленне зайшлі два міліцыянты ў чаравіках, без халатаў і за шырмай — двое — прывязвалі хворага, які казаў: «Я здаровы, навошта вы мяне тут трымаеце». Мне дазвалялі заставацца ў аддзяленні некалькі хвілін, каб я шмат не размаўляла з маці і не бачыла што там адбываецца, пры нас заставалася медсястра і слухала пра што мы размаўляем. Пры мне «лекары» — мужчыны крычалі на хворых, нават мне там было страшна.
Усё гэтае пекла для безабаронных і бездапаможных людзей у рэанімацыі №2 ГКБ 10 Менску адбываецца за зачыннымі на кодавы замок дзвярыма, пры цалкам адрэзаных кантактах са сваякамі, нібыта, таксама з прычыны каронавірусу, пры поўнай хлусні ці маўчанні пра стан здароўя чалавека — пра ўсё даведалася, калі маму напаўжывую вырвала з таго адзішча і пасля таго, як яе ўжо ня стала.
Ну і так – калі яе давялі да двухбаковай пнеўманіі – кінулі ў інфекцыйнае аддзяленне, адкуль выносяць у паліэтыленавых пакетах, бо там паміраюць “з-за каронавірусу”. Толькі я сваю маму забрала жывой – яна шмат што паспела распавесці, але двухбаковую пнеўманію ўжо не вытрымала. Яшчэ прыязджала хутная, прапаноўвалі забраць у іншы шпіталь, але яна наадрэз адмовілася і я таксама ўжо баялася.
А зараз — трасе ад усіх “хуткіх дапамог” і “белых халатаў” — гэтаксама, як і ад таніраваных “бусаў” і “красаўцаў” у чорным – адна масць! Прабачце прыстойныя і сумленныя лекары – і рада бы пазбавіцца ад такога пачуцця, але пакуль ня маю сілы.
Не здзіўлюся, калі СК будзе доўжыць праверку яшчэ не адзін год, пакуль гэтае звяр’ё не паразбягаецца з “дзесяткі” па іншых шпіталях людзей катаваць. Інакш давядзецца прыцягваць да адказнасці і не які-небудзь там безадказны малодшы персанал ці санітарак, хоць і яны лапы свае прыклалі, але галоўным чынам – загадчыкаў аддзяленняў: кардыалогіі Вараву, рэанімацыі Мазуру, намесніцу галоўнага ўрача Тарасік, якая ня проста “у курсе” усяго, але і сама бярэ пасільны ўдзел у літаральным сэнсе слова. Вось на такім узроўні адбывацца гэтая дзіч.
З таго, што бачыла і чула ў той страшной рэанімацыі – упэўнная, што мама была ня першая і не апошняя, хто пайшоў у іншы свет той жа дарогай.
Калі яшчэ толькі распачыналася выбарчая бойня летась у жніўні, мама казала ў жаху: “Я вайну перажыла, але такога ня бачыла”. Упэўнна, што такога жаху, як у 10-й бальніцы, яна таксама ня бачыла: ў вайну яе параненага тату вылечыў нямецкі доктар і так мой дзед застаўся жывы. Гэта ў вайну, падчас акупацыі—“фашыст” літасць меў. А ў “мірнай” Беларусі – без вайны і акупантаў – чалавека закатавалі домарошчаныя фашысты.
Канечне, я не вярну маму з таго свету… Але такая страшная чарната ня мусіць панаваць без аніякай аддачы. Ладна, міністар за дзядзьку прэм’ера пуза рве – няхай ім спатрэбяцца ўсе іхнія лекі, але вы жыццё чалавеку давалі, каб селекцыю праводзіць і вырашаць каму жыць, а каму не? За “Акрэсціна” пад вывескай “ГКБ 10” трэба расплачвацца – усё мае свой кошт, нават такая “нікчэмнасць”, як жыццё нейкай 86-гадовай старой у вачах гэтых чалавеканенавіснікаў. Ну, бо яна ж ня цётка прэм’ера.
“Бог усё бачыць” – так заўсёды казала мама, а яна ў мяне разумная і вельмі справядлівая – спадзяюся дапільнуе, каб на тым свеце кожны з гэтых людаедаў адсправаздачыліся перад Богам. Але яшчэ і тут паразмаўляем…
Усім буду вельмі ўдзячная за рэпост – зло пачувае сябе такім вялікім і ўсемагутным, калі толькі дзейнічае хітра-подленька — “ўціхара”. А як толькі яго на святло валачы, то куды тыя панты і прападаюць – самі сябе пажыраць будуць, каб толькі свае паганыя скуры ўратаваць.
А яшчэ — хто верыць – памаліцеся за маю маму. Дзякую ўсім за ўсё. І беражыце вашых родных.