Анкета неверагоднага беларуса. Міхаіл Зуй

Аднолькавыя пытанні і такія розныя адказы ад смелых, таленавітых і неверагодных людзей, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, пратэстуючы супраць рэжыму. Шчыра пра важнае і перажытае распавядае былы акцёр Купалаўскага тэатра Міхаіл Зуй, які стварыў файны вобраз беларускага чыноўніка-ябацькі ў праекце «ЧынЧынЧенэл».

Ябацькам не сорамна, а табе вельмі. За што?

За што можа быць сорамна? За тое, што ты робіш справы, якія не адпавядаюць тваім перакананням. Робіш нешта, у што не верыш. Ці бывае гэта апошнім часам, цяжка сказаць. Гэта адчуванне абмежаванасцей сваіх магчымасцей у сітуацыі, у якой мы ўсе апынуліся. Сорамна, як мужчыне.

Што зрабіў перш за ўсё, выйшаўшы з СІЗА? (Калі не быў, як думаеш, што зрабіў бы?)

Не хачу туды трапіць, хаця апошнім часам там усё часцей з’яўляюцца цудоўныя людзі. Але думаю, што простыя рэчы. Паесці хатняй ежы, паспаць, адкрыць тэлеграм-каналы і прачытаць усе навіны. Але першае – пабачыцца з сябрамі і роднымі, з тымі, каго даўно не бачыў.

Жадаю ўсім, хто зараз знаходзіцца ў такім месцы: трымацца і дачакацца гэтага шчаслівага моманту.

Самы смелы ўчынак мінулага года?

У 2020 годзе жыццевызначальны ўчынак – сыход з Купалаўскага тэатра. Калі там працуеш васямнаццаць год, табе штосьці не падабаецца, але разумееш, што з табой працуюць цудоўныя людзі і час ад часу з’яўляюцца класныя спектаклі. Можа, радзей, чым хочаш, але яны з’яўляюцца. Гэта тэатр з асаблівым духам, і сысці з яго было рашэннем няпростым, але, па праўдзе кажучы, калі мы гэта зрабілі з маімі калегамі, шмат у каго ўзнікла адчуванне, што ўсё было зроблена правільна.

Самы страшны кашмар-сон, прысвечаны пратэсным падзеям?

У мяне такіх сноў не было. Але да маіх сяброў і родных прыходзяць. Пра тое, што грукаюць у дзверы, пра тое, што забіраюць… Быццам вайна… У рэчаіснасці ў мяне былі такія цяжкія хвіліны, калі пачынаеш накручваць сябе і ўяўляць нейкія сітуацыі, якія могуць здарыцца.

Момант, у які расплакаўся?

Шчыра кажучы, шмат было такіх момантаў, калі бачыш, што адбываецца. Мужчынскае адчуванне ярасці і бездапаможнасці, несправядлівасці – змешаныя пачуцці. Калі бачыш здзекі з нявінных. І часам камяк да горла падкочвае, калі бачыш вышыню чалавечага духу і дапамогу, якую беларусы адно аднаму аказвалі. Гэта больш светлыя слёзы.

Калі б вярнуўся ў мінулае і папярэдзіў сябе сёння: якая гэта была б парада?

Не сумнявайся і нічога не бойся. Не трывай, калі табе нешта не падабаецца. Паспрабуй гэта змяніць. Бо ёсць ілюзія, быццам я жыву пакуль што як ёсць, а потым будзе добра. Але досвед паказвае, што так не бывае. Часовыя рэчы цягнуцца гадамі і дзесяцігоддзямі, і таму вельмі важна адразу змяніць іх у сваім жыцці.

Расчараванне года?

Засмучаюць нейкія выказванні былых калег. Але расчараванняў няма. Ёсць наадварот – зачараванне года.

Людзі, якія натхняюць? Куміры / героі?

Беларусы. Калі пачынаеш сумаваць, куксіцца, губляць веру, потым бачыш такія праявы беларусаў, такую моц мужнасці жанчын, мужчын, дзяцей, людзей сталага ўзросту, то думаеш: не, братка, сцісні булкі і наперад.

Што даведаўся пра сябе новага, пра што раней і не меркаваў?

Так сталася, што я вымушаны быў паехаць жыць у вёску, гэта быў перыяд каранавіруса. Пажыўшы ў вёсцы, шмат чаго парабіўшы рукамі, зразумеў, што я магу! Дайце мне пункт апоры перавярнуць сусвет, і я перавярну, калі трэба.

Прыдумай новую крычалку, якой яшчэ не было.

Адну з іх мы ўжо прыдумалі: “Шчучыншчына”. Беларусы вельмі крэатыўныя ў гэтым сэнсе, прыдумваюць такія постмадэрнісцкія крычалкі, што нельга ўявіць наогул і пераплюнуць іх цяжка. Але паспрабую:

“Мы будзем дзекаць і цекаць!”

Начните печатать и нажмите Enter для поиска