ZUBR. ВЫНІКІ 2023

Сябры, падсумуем галоўнае з таго, што зрабілі — і для вашага ведама, і для сябе.

Сёлета наша каманда

🔺 падтрымлівала ў працоўным стане платформы zubr.in i zubr.cc і працягвала збор і сістэматызацыю дадзеных, далучыла да звестак пра суддзяў звесткі пра пракурораў-паслугачоў рэжыму;

🔺 разам з «Белымі халатамі» і іншымі партнёрамі запусціла новы накірунак грамадзянскага кантролю сістэмы аховы здароўя у Беларусі, падрабязнасці ТУТ (https://civicmonitoring.health/about/);

🔺 супольна з шэрагам арганізацый і экспертаў працавала над стварэннем нацыянальна-вызваленчага руху на мэту палітычных зменаў ў Беларусі і завяршэнне рэвалюцыі;

🔺 узяла ўдзел ў дзейнасці Каардынацыйнай рады праз свайго прадстаўніка, спікера фракцыі «Грамадзянская салідарнасць (https://t.me/CivilSolidarityBelarus)» і асвятляла найбольш істотныя моманты, ажыццяўляла грамадзянскі кантроль праз удзел у падрыхтоўцы слуханняў справаздачы чальцоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінету, атрымала такім чынам досвед удзелу ў палітычнай практыцы беларускіх дэмакратычных сіл і назірання за ёй — дэбатах і дыскусіях КР, працэдуры выбараў у КР трэцяга складу, арганізацыйных працэсах, у лістападзе правяла кансультацыі з экспертамі ў галіне выбараў;

🔺стварыла серыю (https://t.me/zubr_in/846) ідэялагічных тэкстаў-артыкулаў пра грамадзянскую нацыю беларусаў (у тым ліку па тэзах Уладзіміра Мацкевіча (https://matskevich.org/be/)), нацыянальна-вызваленчыя працэсы у мінулым і сёння, лідэраў нацыянальнага супраціву ў мінулым («Пантэон герояў (https://t.me/zubr_in/848)»).

Асобным блокам зрабіліся публікацыі пра супольныя мэты беларусаў і ўкраінцаў. Мы па-ранейшаму лічым падтрымку Украіны ў вайне супраць Расіі самым надзённым напрамкам супраціву і рэжыму ў Беларусі. Наша каманда далучылася да ўдзелу ў канферэнцыі «Шлях да волі» (https://bel.army/news/2010.html) ў Кіеве і падпісання выніковых мемарандума і адозвы да народаў свету.

Дзякуем, што застаецеся з намі.

Налета зычым кожнаму моцы і раўнавагі, а ўсім нам — эфектыўна і вынікова дзейнічаць на вызваленне Беларусі і ўсіх палітычных зняволеных (https://dissidentby.com/) і вяртанне ў нашу краіну ўлады закону!

Зваротная сувязь: @zubr_info_bot

Начните печатать и нажмите Enter для поиска